Прафкамам школы была арганізавана цікавая экскурсія, якая стала падарункам для настаўнікаў і працаўнікоў установы. Мы наведалі парк гісторыі Вялікае княства Сула.
Мястэчка Сула, размешчанае на тэрыторыі сучаснага Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці, упершыню згадваецца ў летапісах у XVI стагоддзі.

Тады яно належала роду Радзівілаў, якія часта прыязджалі ў Сулу паляваць. Апошнімі ўладальнікамі Сулы былі прадстаўнікі шляхецкага роду Ленскіх – маёнтак належаў сям'і з другой паловы XVIII стагоддзя да 1939 года, калі быў канфіскаваны савецкай уладай.
Парк-музей у Суле прадстаўляе сабой пляцоўку, на якой сабраны экспазіцыі з розных эпох беларускай гісторыі. Тут можна ўбачыць паселішча старажытнага чалавека і язычніцкае капішча, прагуляцца па сярэднявечным квартале, наведаць езуіцкі калегіум, зазірнуць у рамесныя майстэрні або залу шляхецкай славы.

Ніхто не застаўся без уражанняў пасля наведвання Парка Сула. Такія помнікі культуры даюць магчымасць адчуць гонар за наша мінулае, слаўную гісторыю і глыбей усвядоміць уласную нацыянальнальную самабытнасць.
